Аблава у электрычцы на пенсіянерак з кнігамі беларускіх пісьменнікаў: затрымалі да 14 чалавек
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, раніцай 26 лютага на чыгуначных станцыях «Мінск-Паўночны», «Масюкоўшчына» і «Ждановічы» людзі ў цывільным адзенні затрымлівалі і абшуквалі пенсіянерак.
У пятніцу ў 10.45 у момант выхаду з электрычкі на станцыі «Мінск-Паўночны» была затрыманая група пенсіянераў. Затрымлівалі людзі ў цывільным. Пенсіянеры ў электрычцы чыталі беларускія кнігі — гэта была акцыя ў падтрымку беларускай мовы. Затрыманых даставілі ў Заводскае і Партызанскае РУУС.
Праваабаронцам удалося высветліць імёны некаторых затрыманых: Наталля Іванісава (1946), Святлана Лазебнікава (1961), Ірына Новік (1961), Галіна Гулянкова, Наталля Агейчык (1960), Алена Васільева (1955), Аксана Каратава (1954), Таццяна Шыманская (1961), магчыма, таксама Раіса Алецкая, Іна Жаковіч, Алена Засценчык, Любоў Кучынская, Алена Лебядзінская, Вера Паршак.
У спісе затрыманых сёння ад «Вясны» ёсць 75-гадовая Наталля Леанідаўна. Яе спынілі на станцыі Ждановічы, пасадзілі ў мікрааўтобус, адтуль адвезлі ў РУУС, а потым і ў суд Заводскага раёна Мінска, піша Наша Ніва.
Яе аштрафавалі па артыкуле 23.34 КаАП на 25 базавых (725 рублёў) і адпусцілі дадому.
У судзе жанчына сказала, што ў той электрычцы не ехала, у акцыі не ўдзельнічала, вярталася з дому за горадам, дзе жыве.
Літаратура беларускіх пісьменнікаў у яе сумцы была.
— Там было насенне на расаду і кнігі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў: Ніл Гілевіч, Васіль Вітка, Артур Вольскі. Супрацоўнік у РУУС сказаў, што ўсё гэта — апазіцыйная літаратура. Спытаў, чаму я цікаўлюся ёй. Я сказала, што жыву ў Беларусі — чаму я не магу ёй цікавіцца? — распавяла яна Tut.by.
Са слоў жанчыны, у пратаколе запісана, што пенсіянеры былі ў бел-чырвона-белай вопратцы, крычалі «Жыве Беларусь» і бралі ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное