Общество

Сямён Печанко

«А чаму каля нашага дома ялінку паставілі, а каля дома культуры не паставілі?»

З выпадкова падслуханага і падгледжанага.

На другі дзень новага ўжо года іду ў аптэку.

— Людзі, вы нібы з чарнобыльскай зоны вярнуліся, а не з-за святочнага стала, — раптам кажа аптэкарка. І тлумачыць:

— Цэлы дзень ідуць і ідуць па лекі. Нібы вайна на двары.

***

З крамы выходзіць мужык. І тут жа трапляе нагой у глыбокую калюгу. З пырскамі, па костачку. Колькі секундаў дзядзька моўчкі глядзіць на мокрую нагу, а потым суне ў калюгу сухую.

Заўважае мой здзіўлены позірк і выдае:

— Ну а што? Мне адной мокрай нагой дамоў хлюпаць?

***

У краме размаўляюць маладыя хлопцы. Адзін без маскі, у другога маска закрывае падбароддзе:

— Як у цябе справы? Ніхто не хварэе?

— Бацька ўжо ў бальніцы — пнеўманія з «каронай». Маці пад падазрэннем, тэмпературыць, пахі зніклі.

— А ў мяне сястра на самаізаляцыі, з дзецьмі.

***

Размова на рынку:

— Як вы працуеце ў пераднавагоднія дні?

— Ды як звычайна, людзі ж да апошняга хадзіць будуць.

— І не кажыце. Адзін год, помню, па бананы ішлі ледзь не да салюта.

— Ага, помню. Гэта год малпы быў, усе тады з гэтымі бананамі як пашалелі…

***

— Тата, а чаму каля нашага дома ялінку паставілі, а каля дома культуры не паставілі? — пытае дзіця ў бацькі ў двары аднаго з заслаўскіх дамоў.

— Тут мы самі паставілі. А там горад мусіў ставіць, але чамусьці не зрабіў гэта. Мо грошай няма, а можа не хочуць, каб людзі там збіраліся.

— Якія людзі?

— «Няправільныя» людзі. Такія, як мы, як нашыя суседзі.

Падслуханае ў мінулы раз: «Ты што? Хто ж сёння дзіця міліцыяй палохае?!»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(35)