Общество

25 Сакавіка ў савецкай турме

“Салідарнасць” прапануе Вашай увазе ўрывак з успамінаў Вінцэнта Жук-Грышкевіча. Знакаміты беларускі дзяяч распавядае, як у 1940 годзе ён сустракаў Дзень Волі ў турме. Захаваная стылістыка і арфаграфія арыгінала.

“Дзьверы камэры раптам адчыніліся, вартаўнікі ўкінулі, як калоду, чалавечае цела й зьніклі за зьвяканьнем замка й ключоў. Напалоханая цішыня зноў разьляглася на воддых, хоць праз прамугі закратаваных і заслоненых вакон пачала ўжо пырскаць сакавіковая раніца, кідаючы шэры водблеск на затхлую ад людзкога згушчэньня камэру і вырысоўваючы па куткох панурыя кантуры вязьняў, што тарчэлі з покату целаў. І яны былі спавітыя начной цішынёй і змогай лёсу, хоць фактычна й ня спалі, бо чакалі калі прыйдзе іх чарга на роскаш ляжаньня на тым малым лапіку турэмнай падлогі, які на дзьве гадзіны займалі іх сябры.

Кінутае цела глуха шлёпнула па сьпячых на падлозе і лягло на іх нярухома, як-бы прыклеілася. Здавалася, што ўсе яны ўжо трупы: і тыя, што моцна спалі, трымаючы на сабе няпрашанае цела, і нават тыя, што стоячы ці седзячы чакалі сваю чаргу ляжаньня. Так было ўсё зможанае, застылае, нярухомае ў гэтай несамавітай цішыні зьбітай людзкой масы.

Але вось, як глухі водгалас, як гукавы цень пачуўся стогн — «вады»… І хоць ён быў так ціхі, так мала чутны й прыкметны — заварушыў кантурамі стоячых і ляжачых, яны пачалі прыбліжацца да ўкінутага цела, абступілі яго, знайшлі для яго месца, палажылі на звольненым куску падлогі і нават пад галаву палажыць нешта знайшлі.

— «Пііць…» — праскрыпелі зноў сасьмягшыя і выкрыўленыя ад болю вусны. Гэты стогн-скрып падзеіў мацней ад усякага загаду. Адразу знайшлася конаўка, прайшла праз ланцуг рук і ўвачавідкі апынулася пры вуснах стогнучага. Ён пацягнуў некалькі глыткоў і пачаў ачуньваць. Яго падбітыя вочы абвілі поглядам стоячых кругом сяброў, як-бы шукаючы на кім спыніцца, а твар, хоць зьбіты і акрываўлены, пачаў набіраць азнак жыцьця. Гэта быў беларускі вучыцель Кастусь В. Палякі выкінулі яго ў сваім часе са школы і ён праз доўгія гады нідзе ня мог знайсьці сабе месца. А як прыйшлі бальшавікі, дык арыштавалі яго аднаго з першых і вось цяпер мучылі на допытах.

Што ён быў зьбіты да паўсьмерці — нікога ня дзівіла. Прайшло ўжо трое сутак , як яго былі забраўшы з камэры. Яго катавалі і ў карцары, і ў часе допытаў. Так паступалі «сьледавацелі» з кожным вязьнем, якога бралі на допыт. Такія ўжо парадкі былі ў Вялейскай турме, якая тады месьціла ў сваіх мурох больш 1000 людзей.

Там, дзе за польскіх часоў саджалі 20 вязьняў, цяпер іх было 60, або й 80. Гэта быў сакавік 1940 году, калі НКВД у «асвабоджанай» Заходняй Беларуси распасьцерла сваё панаваньне над усімі людзьмі і стрыгла іх безапэляцыйна пад сваю машынку, падцягваючы розныя катэгорыі пад адпаведны нумар. Адных забралі ўжо зараз пасьля прыходу й даўно згладзілі са сьвету, як найбольш небяспечных. Другіх з гэтай катэгорыі трымалі жывымі ў сваіх мучэльнях толькі дзеля таго, што спадзяваліся павялічыць далейшы лік ахвяр. Трэціх, хоць нічым не павінных, трэба было ізаляваць, бо гэта былі людзі думаючыя — інтэлігэнцыя з асьветай, або мясцовы вясковы ці гарадзкі актыў.

Яны сваім здаровым розумам і разважаньнямі маглі ўплываць на акружэньне й ужо дзеля гэтага іх трэба было ізаляваць. Яны звычайна мусілі пасядзець з год у турме, прайсьці сэрыю допытаў, а пазьней «тройка НКВД» засуджвала іх на павольнае кананьне пры цяжкіх работах у савецкіх лягерох. Да гэтай катэгорыі далучалі таксама ўсіх тых, хто быў на службе цывільнай ці вайсковай пры паляках. Апрача таго трэба-ж было набраць на розныя лягерныя прадпрыемствы і «спецперасяленцаў». Усю тую пералічаную масу людзей мусіла перапусьціць машына савецкай чысткі, гэта была першая перадумова прылучэньня новай краіны да савецкага «раю». Дык нічога дзіўнага, што ўсе турмы былі перапоўненыя да адказу. У камэрах ня толькі ня было месца ўсім дзе легчы, але й сесьці на падлозе ня было дзе, а спаць прыходзілася па чарзе.

Прабываньне ў камэры ў такіх варунках, плюс вельмі благое аджыўляньне, страшэнна падрывалі сілы вязьняў і яны хадзілі як цені. Найгоршым няшчасьцем, аднак, былі допыты, бо яны адбываліся пераважна начамі на працягу цэлых тыдняў з перадышкай ці без яе і то з усімі атрыбутамі савецкіх паліцыйных маральных і фізычных мукаў. Ахвяра забраная на ноч на допыт укідвалася ў камэру чуць жывая над раньнем, як гэта было і з нашым Кастусём.

Ён небарака вадзіў вачамі па ўсіх нас — беларусах, што абкладалі яго мокрымі ручнікамі, каб супакоіць ці палегчыць болі; здавалася, што ён хоча выбраць кагось і сказаць яму нешта вельмі важнае. Грамадка нашая складалася з некалькіх чалавек: апрача мяне быў тут старшыня Гуртка Беларускага Інстытуту Гаспадаркі й Культуры з К., Цімафей, два грамадаўцы з мясцовай акругі — Ш. і З., вучань А. У нашай камэры было шмат беларусаў, асабліва сялян, але пералічаная тут група месьцілася разам і была найбольш зжытая. Мы чакалі ў напружаньні да каго Кастусь зьвернецца й што скажа. Ужо згаварыліся, каб адыйсціся на хвіліну, пакінуўшы пры хворым таго, да каго ён мае давер. Але згаворы аказаліся лішнімі. Кастусь яшчэ раз правёў па ўсіх нас вачыма й тады вымавіў ціха, але выразна: «дваццаць пяць»… Мы задумаліся, бо ня ведалі як гэта зразумець, што знача гэтых «дваццаць пяць»? Урэшце пачалі пытаць яго што ён праз гэта хоча сказаць. Кастусь ляжаў нярухома з заплюснутымі вачыма, як самлелы, а мы стаялі, са зьдзіўленьнем уляпіўшыся ў яго вачыма. Урэшце, не адчыняючы вочы, ён прамовіў зноў: — Я ня дзіўлюся, што вы ня ведаеце, аб што ходзіць, бо ў гэтым пекле можна забыцца аб yciм, асабліва-ж калі ніхто ня сочыць за календаром. Як мяне цягнулі з допытаў, на нас наткнуўся зьнаянацку з-за вугла калідору студэнт Б. з Вільні з канвоем. Яго зараз-жа адвярнулі да сьцяны тварам, але ён усё-ж пасьпеў сказаць "дваццаць пяць" i я гэта выразна пачуў. Ня гледзячы на страшэнную слабасьць i боль, я дагадаўся, што хацеў сказаць студэнт Б. Я пэўны, што й вы дагадаецеся як падумаеце — .

Фактычна ня трэба было й думаць. Некаторыя з нас i так добра ведалі, што на наступны дзень прыпадае 25 Сакавікa, а тыя, што забыліся, адразу прыпомнілі пры ўспамінах аб календары. Непаразуменьне-ж адразу вынікла з тэй прычыны, што нікому i ў галаву ня прышло, што гэты да няпрытомнасьці скатаваны беларус здольны думаць у такім стане аб 25-м Сакавіку. Таму цяпер, калі ўciм стала ясна аб што ходзіць, на гэтага маладога чалавека пачалі глядзець як на сьвятога, як на нейкі сымбаль. Ён быў амаль паміраючы, але ў ім сядзеў дух волата! Яго нацыянальнага ідэалу ня выбілі з галавы й сэрца нi турма, нi голад, нi катаваньне сталінскіх апрычнікаў. Трэба было дзівіцца, як мог вытрымаць гэты малы й хударлявы хлапец столькі часу галадаморства й катаваньня. Xi6a таму толькі, што ў гэтым вымучаным целе сядзеў вешчы дух Вялікага Ўсяслава Чарадзея, Скарыны й Кастуся Каліноўскага, ягонага цёскі... I таму у нашых вачох тады ён адразу вырас да велічы гэроя, мучаніка за Бацькаўшчыну. I нам стала й балюча, i сумна, i радасна адначасна, бо здалі сабе справу з таго, што такіх Кастусёў памipae цяпер шмат, шмат — сотні, тысячы... Як жа ix шкода, што паміраюць у муках, замест таго, каб жыць i працаваць для Бацькаўшчыны...

Аднак сэрца радуецца, што паміраюць яны з думкай аб Ёй, аб 25-м Сакавіку. Яны паміраюць, але тыя, што засталіся на волі жывыя, будуць рабіць удвая, як даведаюцца аб ix сьмерці, i за сябе i за ix

На другі дзень уся наша групка сядзела амаль цэлы дзень каля Кастуся. Ён чуўся значна лепш, усьміхаўся й браў удзел у гутарках. Гутарылі мы паўголасам, дзелячыся ўражаньнем ды ўспамінамі як праводзілася сьвяткаваньне 25-га Сакавіка ў розных мясцовасьцях i асяродзьдзях. Разважалі над тым, чаму Акту 25-га Сакавіка не ўдалося правесьці ў жыцьцё. Ня гледзячы на панурыя абставіны, на душы неяк было весялей, бо ўрачысты дзень прыпамінаў нам, што мы не адны, што зьяўляемся часткай вялікага няўміручага арганізму — цэлага Беларускага Народу.

Наш пагодны настрой дзеіў нейкім флюідам i на цэлую камэру. Дзякуючы нам, усе нашы сяляне-вязьні ведалі аб беларускім нацыянальным сьвяце, хоць падыходзілі да нас толькі некаторыя з ix. Мала таго, памімa нашай волі ведалі аб гэтым i іншанацыянальныя групы: жыдоўская i польская. Неяк нечакана падыйшоў да нас б. рэдактар жыдоўскай газэты P. i, не называючы ўсё iменьнямi, улучыў сказаць асьцярожненька, што ён ведае што мы, сягоньня перажываем, глыбака нам спачувае й ад душы жадае, каб жаданьні нашы зьдзейсьніліся. Пазьней падыйшоў да нас i паляк — б. віленскі судзьдзя Н., які ў гутарцы вельмі нядвузначна таксама склаў нам свае пажаданьні. Нават не абмінуў нас i заўсёды сымпатычны паручнік рэзэрвіста 3. — садавод па фаху, які марыў увесь час аб тым, каб папасьці ў Канаду і спакойна гадаваць добрыя яблыкі. Ён заўсёды гаварыў з намі пабеларуску i, здаецца, больш чуўся беларусам чым паляком.

Не абыйшлося без надзвычайных праяў i вонкаў нашай камэры. Ужо ў часе ранішняй прагулкі мы заўважалі на сьценах у розных мясцох напісы алаўком лічбу "25" i літару “С”. Пры набліжэньні груп з розных камэраў чуліся словы “дваццаць пяць” зьнячэўку, хоць гэтыя групы адна другую й ня бачылі. I нічога дзіўнага. Xi6a ня было тады такой камэры ў вялікай турме, у якой-бы не сядзелі беларусы. Супраць нашай камэры сядзеў інжынер Б. з некалькімі людзьмi, побач з iм наш стары й заслужаны дзеяч А. Нэканда-Трэпка (ён ужо напэўна ня жыве), праз камэру за iм сядзелі сп. К., У. — i так па ўсей турме. Былі нават i такія, што хацелі праз вакно вывесіць напісаную на паперы вялікую лічбу 25, аднак iм aдpaдзiлi гэта, баючыся якойсь правакацыі й непатрэбных ахвяр. Затое паўтараньне нявінных слоў "25" нікога ня разіла i ня ўзбуджала ніякага падозраньня й кожны беларус чуў яго у гэты дзень ня раз.

"25" была для нас доўга магічнай лічбай. Яна нас падтрымоўвала на духу, лучыла ўcix беларусаў у адну сям'ю, прыпамінала аб бязупынным змаганьні, а галоўнае — прыпамінала аб тым, што сядзім мы не прыпадкова.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)