Экономика

$1,7 млн на змаганьне з каранавірусам. Што рабіла ў Беларусі USAID, якую забаранілі ўлады

Дзейнасьць Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці (USAID) у Беларусі цяпер забаранілі. Гэта зроблена ў адказ на ўведзеныя ўрадам ЗША санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў. Свабода расказвае, што гэтая арганізацыя рабіла ў Беларусі.

Што такое USAID

Гэта незалежнае агенцтва ўраду ЗША, якое падпарадкоўваецца Дзяржаўнаму сакратару і працуе ў больш як 100 краінах сьвету. USAID — найбуйнейшая структура, якая спрыяе разьвіцьцю і аказвае рознага кшталту дапамогу, у тым ліку фінансавую. Галоўныя мэты USAID — паляпшэньне ўмоваў жыцьця, змаганьне зь беднасьцю і гуманітарнымі крызісамі, адукацыя, умацаваньне дэмакратыі.

Што рабіла USAID у Беларусі

У Беларусі арганізацыя афіцыйна працуе з 1999 году. Найбольш увагі яна ўдзяляла разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці, прыватнага сэктару. У арганізацыі было шмат адукацыйных праграм па ўсёй краіне. Таксама яны працавалі з уразьлівымі групамі грамадзтва, напрыклад мелі адмысловыя праграмы для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, дапамагалі тым, хто знаходзіцца на тэрыторыях, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС.

Вось канкрэтныя прыклады працы арганізацыі ў Беларусі.

1,7 мільёна даляраў на змаганьне з COVID-19

USAID выдзеліла Беларусі 1,7 мільёна даляраў на дапамогу ў барацьбе з COVID-19 у 2020 годзе. За гэтыя грошы ў мэдычныя ўстановы Беларусі даставілі 250 кіслародных канцэнтратаў, 118 пульсоксімэтраў, 11 манітораў назіраньня за жыцьцёвымі функцыямі пацыентаў, 18 302 тэсты. Таксама падрыхтоўку прайшлі 700 спэцыялістаў, якія працавалі з каранавіруснымі пацыентамі.

У Рэспубліканскі цэнтар трансфузыялёгіі і мэдычных біятэхналёгій, Цэнтр экстранага рэагаваньня Міністэрства аховы здароўя, дамы-інтэрнаты для дзяцей-інвалідаў з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця і на памежныя пункты пропуску даставілі 25 276 літраў антысэптычных сродкаў, 4685 літраў антыбактэрыяльнага мыла 2235 локцевых дазымэтраў.

Таксама была арганізаваная шырокая інфармацыйная кампанія і праграмы псыхалягічнай і сацыяльнай падтрымкі.

Падтрымлівала стартапы і малы бізнэс па ўсёй Беларусі

З 2016-га праект USAID AID-Venture , які рэалізоўваўся Belbiz, стварыў Беларускую сетку бізнэс-анёлаў. У межах гэтага праекту праводзілася важныя падзеі — штогадовы форум Venture Day і Глябальны тыдзень прадпрымальніцтва. Гэты ж праект падтрымліваў першы TechMinsk Accelerator у Беларусі ў партнэрстве праграмаў Google для стартапаў.

У супрацоўніцтве з Таварыствам судзеяньня інавацыйнаму бізнэсу было створана 18 стартап-школ. Каманда праекту ахапіла 17 000 удзельнікаў, зь якімі працавалі 140 высокакваліфікаваных экспэртаў. 1200 стартап-камандаў і дзейных бізнэсаў атрымалі фінансаваньне, кансультацыі і сустрэчы з патэнцыйнымі інвэстарамі.

Таксама ў партнэрстве з Рэспубліканскім цэнтрам мікрафінансаваньня мела праграму паляпшэньня фінансавай асьветы і доступу да фінансаваньня для людзей зь сельскіх рэгіёнаў.

Спрыяла змаганьню зь незаконным трафікам людзей

Апроч інфармаваньня і кансультацый, 2000 ахвяраў незаконнага трафіку атрымалі ў межах праграмы дапамогу для рэінтэграцыі, а 3600 — новыя прафэсійныя навыкі.

Дапамагала палепшыць становішча дзяцей

10 гадоў (з 2005 па 2015-ы) працавала праграма супрацьдзеяньня гвалту і кепскаму абыходжаньню зь дзецьмі, праводзіліся трэнінгі для біялягічных і прыёмных бацькоў.

Садзейнічала інклюзіі людзей з абмежаванымі магчымасьцямі

Мела праграму для паляпшэньня якасьці жыцьця людзей з абмежаванымі магчымасьцямі. Падрыхтавала 700 спэцыялістаў і валянтэраў, якія займаюцца прамоцыяй правоў такіх людзей. Арганізоўвала інфармацыйныя кампаніі і выставу пра інклюзію.

Праграма абмену Community Connections

Дзякуючы праграме, 600 беларускіх прафэсіяналаў, у тым ліку з грамадзкага сэктару, абменьваліся досьведам з амэрыканскімі адмыслоўцамі, езьдзілі па абмене ў ЗША.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(11)