Филин

Сяргей Васілеўскі

Мілінкевіч: «Мы знаходзімся на цывілізацыйнай мяжы, а таму павінны сказаць сабе і ўсім, да якой цывілізацыі мы належым і імкнемся»

Экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч у інтэрв’ю Филину разважае пра своечасовасць абрання курсу на Еўропу, які агучылі дэмсілы. 

— У 2020-м годзе ў часе выбарчай кампаніі і паслявыбарчых масавых пратэстаў мы не бачылі сцягоў Еўразвязу і амаль не чулі праеўрапейскіх лозунгаў. І пры гэтым было відавочна, што лідары пратэсту мелі нечуваны поспех і падтрымку сярод беларусаў.

Сёння лідары дэмсілаў выступаюць акурат за еўрапейскі шлях развіцця, за ўступленне ў ЕЗ. І ўсё гэта на фоне росту колькасці прыхільнікаў саюза з Расіяй, якіх, паводле апошніх сацыялагічных замераў, добра калі не палова. Ці не палітычнае гэта самагубства — ісці насуперак жаданням грамадства?

— Магутныя маніфестацыі 2020 года адбыліся з прычыны шырокіх пратэстных настрояў супраць рэжыма. Беларусы выйшлі бараніць сваю годнасць, а не права на еўрапейскі выбар. 

Калі б сёння мы жылі ў дэмакратычнай краіне і ставілі мэтай выйграць выбары, то палітыкам трэба было б гаварыць акурат тое, чаго хочуць людзі. Каб перамагчы. Гэта нармальна, тыпова.

Але мы зусім у іншых умовах. Наша краіна знаходзіцца пад падвойнай акупацыяй, грамадства ў значнай ступені інфармацыйна ізаляванае. Дзяржаўныя медыя вядуць шалёную хлуслівую прапаганду. Пры гэтым не ўсе маюць смеласць чытаць ды слухаць праз VPN. Плюс яшчэ фактар татальнага страху.

Таму сёння праводзіць такую рэактыўную палітыку — «чаго пажадаеце» — гэта проста пагадзіцца з вынікамі запалохвання, дэзынфармацыі і спроб зачысткі грамадскай актыўнасці.

Мы разумеем, што сёння пытанне еўраінтэграцыі перад беларусамі не стаіць, зараз трэба перш за ўсё Беларусь захаваць.

Але стратэгічна нам трэба ісці ў Еўропу, таму што мы родам адтуль. Бо там адносіны паміж краінамі грунтуюцца на ўзаемнай павазе і маральных каштоўнасцях, найперш хрысціянскіх.

На гэтым паўстала Еўропа, там не эксплуатуюць слабейшых, там ім дапамагаюць, што мы бачылі на прыкладзе краінаў, якія ужо паспяхова даганяюць лідараў Еўразвязу. Гляньце на прыклады Гішпаніі і Грэцыі, Польшы і Чэхіі.

А інтэграцыя з Расіяй — гэта вечная вайна, алігархі, хлусня, рэпрэсіі, санкцыі, паўзучая анэксія нашай краіны. Для Пуціна і ўкраінцы і беларусы — неданацыі, і Украіна, і Беларусь — недадзяржавы.

У нас няма альтэрнатывы, стаіць жорсткае пытанне — жыць, або знікнуць. Ніколі геапалітычны выбар для нашага грамадства рэальна не стаяў так экзістанцыянальна, як сёння.

Лукашэнка ад самага пачатку паставіў на глыбокую інтэграцыю з Расіяй, стала казаў беларусам, што мы без яе аніяк, што трэба «паўзці туды на каленях», што на Захадзе нас ніхто не чакае. І гэта ўвесь час паўтаралі прапагандысты.

Разам з тым людзі сапраўды не зусім разумелі — а што такое Еўропа, чаму нам там будзе добра. Большасць беларусаў нават не падазрае, што ў былой савецкай рэспубліцы Эстоніі напачатку гэтага года сярэдняя зарплата была 1741 еўра, і яна вырасла за апошні год на 13%.

Пры тым, калі мы кажам пра еўрапейскі выбар, гэта не азначае, што да Расіі мы маем назаўсёды павярнуцца спіной. Нам выгадна з усімі суседзямі мець добрыя ўзаемавыгадныя адносіны, але гэта магчыма толькі, калі расейцы пазбавяцца ад пуцінізму — нацызму ХХІ стагоддзя.

Як толькі з’явіцца магчымасць, Беларусь павінна рухацца ў бок Еўразвяза. І гэта адказнасць перш за ўсё палітыкаў і грамадзянскай супольнасці.

Мы павінны быць лідарамі свабоднай думкі і памятаць, што лёсы краінаў вырашае звычайна не большасць, а актыўная пасіянарная меншасць.  

Што да сёняшніх сацыялагічных замераў, то я хачу нагадаць, што яшчэ нядаўна, калі Масква аб’яўляла нам гандлёвыя войны — цукровыя, малочныя ды мясныя, — то ў момант узрастала праеўрапейская арыентацыя нашых суграмадзянаў, і больш за палову беларусаў ужо былі за Еўразвяз.

Сённяшні стан грамадскай думкі вельмі лабільны і праўдзівая інфармацыя з часам пераможа хлусню. Як толькі краіна будзе вольнай, у Беларусь вернуцца з выгнання нашы незалежныя медыя, а праграмы беларускага грамадскага тэлебачання будзе рабіць сёняшняя каманда Белсата, у кароткія тэрміны большасць нашага грамадства будзе ведаць чаму нашы суседзі пайшлі ў Еўразвяз і ўступілі ў НАТА.

Таму што мы — еўрапейцы. І менталітэт, і гісторыя, і культура, і традыцыі — усё ў нас еўрапейскае. Прыйшло новае лічбавае пакаленне, яно не хоча ў СССР.

Таму я лічу абсалютна правільным абвяшчэнне курса нашай дэмакратычнай супольнасці на Еўропу, які быў прадэклараваны на канферэнцыі «Новая Беларусь». Гэтага нам вельмі не хапала доўгі час.

Мы знаходзімся на цывілізацыйнай мяжы, а таму павінны сказаць сабе, беларусам і партнёрам у краінах вольнага свету, да якой цывілізацыі мы належым і імкнемся — да еўрапейскай, ці да візантыйскай. Сітуацыя чорна-белая, мары многіх з беларусаў аб беларускай Швайцарыі ўжо неактуальны.

Мы адназначна мусім гэта гаварыць. Дэмакраты спазняюцца з агучваннем калектыўнага выбару геапалітычнага вектара развіцця, трэба было пра гэта раней казаць.

Бо ў нашай сітуацыі палітыкі зараз павінны думаць не пра перамогу ў выбарах, якіх у нас пакуль і няма, а пра тое, як пераканаць людзей у тым, у чым мы самі шчыра перакананыя.

— Вы былі ўдзельнікам лёсавызначальных падзей пачатку 90-х, калі Беларусь здабыла незалежнасць. Гэта былі няпростыя часы для дэмакратыі, бо беларусы ў большасці сваёй былі глыбока саветызаванымі людзьмі, далёкімі ад дэмакратычных ідэалаў.

На вашу думку, калі мы праз нейкі час ізноў апынемся на парозе глабальных зменаў, ці не стане грамдства, ягоны стан, перашкодай на шляху да пераменаў? Ці ўсё ж беларусы змяніліся за апошнія тры дзесяцігоддзі?

— Я думаю, што адказ на гэтае пытанне даў перш за ўсё 2020 год. Для мяне ён стаў вырашальным этапам беларускай дэмакратычнай рэвалюцыі, якая можа ісці хвалямі.

Яшчэ раз нагадаю — у палякаў магутная 10-ці мільённая Салідарнасць перамагала камуну 10 гадоў, ў Нідэрландах, у свой час, рэвалюцыя доўжылася 80 гадоў. І ў Францыі знакамітая рэвалюцыя ішла дзесяцігоддзі.

Тут не трэба заломваць рукі і галасіць, што мы ўсё прайгралі. Так, мы не перамаглі палітычна, але 2020 год паказаў, што мы нацыя. Мы гэта і сабе даказалі, і ўсяму свету. Усе даведаліся, што мы не проста існуем на мапе, але што хочам жыць годна, у Свабодзе, Праўдзе і Справядлівасці. Увесь свет сёння лічыць беларусаў сапраўднай еўрапейскай нацыяй.

Ці варта было адмовіцца ад мірных маніфестацый і пайсці на радыкальныя крокі? Абсалютна не. Па-першае, узброены чын не падтрымала б абсалютная большасць «неверагодных» пратэстоўцаў і яны б перасталі выходзіць на вуліцы.

Па-другое, у беларускай уладзе адбыўся эфектыўны негатыўны адбор і ў ёй не мог адбыцца раскол, неабходны для перамогі дэмакратыі пры дыктатуры. Па-трэцяе, Крэмль з вялікай радасцю скарыстаўся б з магчымасці рэалізаваць дамовы АДКБ і ўвёў бы свае войскі для «аказання брацкай дапамогі».

Цывілізаваны свет нам бы, канешне, спачуваў і выказаў бы традыцыйную занепакоенасць.  

Я разумею, што час ідзе, а перамогі няма. Многія, асабліва «новая хваля» пратэстоўцаў, расчараваныя. Тыя, хто даўно змагаецца за свабоду, ведаюць, што ў адказ нават на мірную рэвалюцыю можа быць адкат ў рэакцыю і тэрор, што мы сёння і назіраем.

Але тое, што адбываецца, не ёсць перамога рэжыму — ён праходзіць этап агоніі разам са сваімі саюзнікамі ў Крамлі. Баланс сілаў моцна не змяніўся. Рэальна прыхільнікаў Лукашэнкі ня стала больш, павялічваецца колькасць «нейтралаў», перш за ўсё з прычыны атмасферы татальнага страху. 

Разам з тым, у чарговы раз паўтару, наш лёс ужо ў першую гадзіну пасля Лукашэнкі вызначыцца не шырокімі праеўрапейскімі настроямі грамадства, яны сфармуюцца паступова пазней, а станам нацыянальнай ідэнтычнасці, гістарычнай і культурніцкай самасвядомасці.

Украінцы скансалідавана працавалі на іх фармаванне апошнія два дзесяцігоддзі і дасягнулі неверагоднага поспеху. Сёння ў змаганні за свабоду супраць крамлёўскага рэйха нашыя паўднёвыя суседзі перамагаюць не столькі за кошт сучаснай заходняй зброі, але перш за ўсё дзякуючы непахіснаму нацыянальнаму духу і святой любові да сваёй Бацькаўшчыны.

Гэта для нас галоўны ўрок расейскай агрэсіі ва Украіне. Станем свядомымі беларусамі — будзем жыць у еўрапейскай беларускай Беларусі.

Працяг гутаркі чытайце наўзабаве на нашым сайце.