І вось перад Захадам і перад намі ўстане маральны выбар: ці сядаць з такой крывавай, жорсткай, ужо таталітарнай дыктатурай за стол перамоў, ці змагацца за свабоду з узброенымі сіламі Беларусі?
Мілінкевіч: «І вось перад Захадам і перад намі ўстане маральны выбар: ці сядаць з такой крывавай, жорсткай дыктатурай за стол перамоў»
Экс-кандыдат у прэзідэнты-2006, пазаштатны дарадца Святланы Ціханоўскай — пра шляхі да перамогі.
— Ёсць два варыянты (наконт перамогі дэмакратыі ў грамадстве), — адзначыў Аляксандр Мілінкевіч у Звычайнай раніцы. — У Польшчы гэта было асабліва відавочна. Там было два крылы знакамітай польскай дзесяцімільённай «Салідарнасці».
Меншая частка, жорстка радыкальная, лічыла, што толькі зброя, што нельга размаўляць з тымі, хто мае крывавыя рукі. А другая казала, што, каб людзі не загінулі, каб не згубіць незалежнасць (таму што ў іх таксама незалежнасць была пад пагрозай), патрэбныя перамовы.
І да сённяшняга дня наконт гэтага ідзе жорсткая дыскусія ўжо ветэранаў «Салідарнасці». Большасць тады была за круглы стол, нягледзячы на тое, што гэта вельмі цяжка маральна — сядаць насупраць тых, хто страляў і забіваў.
Але яны верылі, дзеля таго, каб гэта свабода прыйшла, гэта варта зрабіць. І яны селі за круглы стол і дамовіліся. Першыя выбары былі так званыя «дамоўныя», частку людзей у парламент выстаўляла ўлада, частку — «Салідарнасць».
Канешне, гэта не былі сапраўды дэмакратычныя выбары да канца, але спрацавала. Яны збераглі незалежнасць Польшчы і ў яе прыйшла стабільная дэмакратыя.
Таму, калі мы кажам, ці магчымы круглы стол з Лукашэнкам, ці магчымы з ім перамовы, то сёння выглядае, што не. Проста чырвоныя лініі пройдзены ў такой ступені, што немагчыма.
Але можа так здарыцца, што, напрыклад, адыдзе са сваёй пасады ці з жыцця Пуцін, і трэба будзе вырашаць лёс Беларусі, зноў з’явіцца акно магчымасцяў.
У гэты момант Лукашэнка будзе непазбежна слабнуць, таму што не будзе побач Расіі, і ён можа настойліва прапанаваць перамовы.
Дарэчы, я ўвесь час паўтараю, санкцыі ніколі ў Беларусі не вызвалялі палітвязняў. Гэта як двувостры меч. Санкцыі могуць прынесці карысць у доўгатэрміновай перспектыве, могуць аслабіць дыктатуру, але ў нашым выпадку яны знішчаюць незалежнасць.
Палітвязняў вызвалялі перамовы, дыялог, калі Лукашэнка быў настолькі аслаблены і напалоханы Расіяй, напрыклад, падчас грузінскага канфлікту, ён ішоў на перамовы і вызваляў усіх палітвязняў.
Гэта не значыць, што санкцыі не трэба ўводзіць. Я так ніколі не казаў і не кажу. Яны бываюць вельмі патрэбныя, але санкцыі — гэта не адзіная зброя, якая ёсць у дэмакратычных сіл.
Аналізуючы беларускія пратэсты мінулых гадоў, палітык падкрэсліў, што не лічыць іх паразай.
— Кожны такі выступ — у 2006, 2010, 2020 годзе — меў вялікае значэнне, нягледзячы на пакуты, арышты, турму, вымушаныя ад’езды з краіны.
Гэта барацьба вельмі складаная. Трэба разумець, што мы не толькі з дыктатуры хочам выйсці, але мы выходзім і з жудаснай апошняй імперыі ў свеце.
Яна стаіць за Лукашэнкам і ўтрымлівае гэтую дыктатуру, бо з ёй лёгка дамовіцца. З дэмакратамі, можа, увогуле было б немагчыма дамовіцца расійскаму рэжыму.
Таму кожны крок для нас надзвычай важны. Была і роспач, і горач з-за таго, што не выйгралі. Але галоўнае — гэтыя крокі дазвалялі людзям убачыць, што ёсць тыя, хто змагаецца за свабоду, тыя, хто гаворыць праўду, тыя, хто кажа пра наша вяртанне ў Еўропу.
Бо мы не ідзем у Еўропу, а вяртаемся ў яе. Мы паходзім з яе.
І вось кожны наш выхад дадаваў духу, калі казаць пра шырокае грамадства. Людзі ведалі, што яны не ў адзіноце ў маленькім мястэчку, што ёсць і іншыя. І гэта салідарнасць, пачуццё пляча, разуменне, што мы можам і мы зробім, былі надзвычай важнымі.
Рэвалюцыя часцей за ўсё праходзіць у некалькі этапаў. Але ўсё роўна гэта шлях наперад. І для мяне 2020 год стаў кульмінацыяй, таму што ўпершыню мы маем большасць у грамадстве.
Мы — гэта людзі, якія хочуць жыць годна па каштоўнасным еўрапейскім правілам і адчуваць сябе еўрапейцамі.
Нас большасць, а ў нас ніколі не было большасці, была актыўная, свядомая, такая пасіянарная меншасць. І важна, што наша большасць не змяншаецца.
Я маю велізарную колькасць кантактаў з людзьмі ў Беларусі. І зараз нават больш становіцца тых, каго пакрыўдзілі. Яны думалі, што нейтральныя, а аказалася, пасля пасадак сваякоў, што не.
Апошняе, упершыню ў гады незалежнасці мы маем дэмакратычнага прэзідэнта, абранага ўсім народам. Увесь народ сказаў, што хоча жыць нармальна і прагаласаваў за Ціханоўскую. Яна ёсць, яна працуе, робіць усё, што можа. Можа, штосьці не атрымліваецца.
Але гэта легітымізацыя дэмакратызацыі шырокай Беларусі. У мінулыя этапы нашых рэвалюцый такога не было. Гэта эвалюцыя. Здаецца, эвалюцыя і рэвалюцыя — розныя працэсы, а атрымліваецца, што рэвалюцыя прыводзіць да эвалюцыі ў галовах людзей.
Таму працэс нават у гэтых умовах вельмі добры, беларусы не вернуцца ў мінулае, яны хочуць ісці наперад, а ўлада трымаецца за гэта мінулае, — кажа Мілінкевіч.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное