Общество

Ігар Лосік. Чатыры гады за кратамі

«Цяжкі псыхалягічны стан, ён вельмі схуднеў». Радыё Свабода – пра тое, у якіх умовах трымаюць яго журналіста.

25 чэрвеня 2020 году раніцай у баранавіцкую кватэру Ігара і Дар’і Лосікаў уламіліся дзевяць сілавікоў і двое панятых. Паказалі санкцыю пракурора аб затрыманьні Ігара ў крымінальнай справе паводле 342 артыкулу Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках»).

Сілавікі правялі ператрус, канфіскавалі кампутары і тэлефоны. Ігара Лосіка з Баранавічаў на шэрым бусіку маркі «Мэрсэдэс» павезьлі ў Менск. Там зьмясьцілі спачатку ў ізалятар на завулку Акрэсьціна, потым перавялі ў СІЗА № 1. А ў жніўні — у жодзінскую турму.

Пазьней Ігару Лосіку дадалі абвінавачаньні яшчэ паводле двух артыкулаў — 293-га і 130-га. У знак пратэсту журналіст абвясьціў бестэрміновую галадоўку.

Перад судом Ігара перавялі ў гомельскі СІЗА. 14 сьнежня 2021 году судзьдзя Мікалай Доля ў закрытым працэсе, які праходзіў у СІЗА, асудзіў Лосіка на 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Па інфармацыі некалькіх крыніц, блізкіх да Ігара, у чэрвені 2020 году ён адчуваў пагрозу затрыманьня і зьбіраўся зьехаць зь Беларусі 1 ліпеня 2020 года. Акурат у гэты дзень аднаўляліся авіязносіны Беларусі з Грузіяй, спыненыя праз эпідэмію каранавірусу. У сям’і Лосікаў ужо былі квіткі на самалёт.

«Разэткі і люстэрка»

Штрафны ізалятар (ШЫЗА) і памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ) у Наваполацкай калёніі знаходзяцца ў асобным будынку, куды ўсім астатнім, акрамя аховы, уваход забаронены. Усяго там 14 камэр. Пад ПКТ адведзена 5 зь іх: адна маленькая і 4 вялікія.

Па словах былых зьняволеных, у камэры № 5 пастаянна трымаюць Віктара Бабарыку, ён заўсёды сядзіць адзін. Гэтая камэра невялікая, яна адзіная знаходзіцца па левым баку.

Ігар Лосік, паводле гэтых жа сьведчаньняў, звычайна сядзіць у 4-й камэры. Камэру пад нумарам 1 (яна вялікая, на 9 чалавек) — выкарыстоўваюць для звычайных вязьняў, у 2-й камэры — звычайныя зэкі і частка палітычных (паводле 411-га артыкулу, якім падоўжаны тэрмін за непадпарадкаваньне адміністрацыі і якіх хутка перавядуць у крытую турму).

«Розьніца паміж ШЫЗА і ПКТ нязначная. Усе камэры абкладзеныя белай керамінаўскай пліткай, столь таксама белая. Вонкава нібыта прыгожа, але... Я туды трапіў у жніўні, калі на вуліцы была сьпякота. А ў камэры летам пастаянна прахалода (15, максымум 18 градусаў). Але ў астатнія поры году холадна. Калі выходзіш на шпацыр, пасьля гэтага белага колеру цяжка факусаваць зрок на іншых колерах», — дзеліцца былы вязень наваполацкай калёніі.

Схема ПКТ і ШЫЗА Наваполацкай калёніі

Паводле яго, у ПКТ, у адрозьненьне ад ШЫЗА, ёсьць разэткі. Праўда, працуюць яны ня ўвесь час, а толькі пару гадзін на дзень. Да прыкладу, электракіпяцільнікам можна скарыстацца з 10 да 11 раніцы, з 15 да 16 і з 18 да 19. Таксама ў ПКТ ёсьць дадатковыя палічкі і люстэрка зь нержавейкі.

З рэчаў — толькі самае неабходнае: зубная шчотка, паста, мыла, ручнік. Прадукты зь перадач, якія прывезьлі родныя, у ПКТ праносіць нельга. Тэарэтычна вязьням дазволена зрабіць «атаварку» у турэмнай краме на 1 базавую велічыню ў месяц (з 1 студзеня 2024 году гэта 40 рублёў. — РС).

«Ігар расказваў, што яго прымушалі купляць за тую адзіную базавую велічыню анучы для прыбіраньня камэры, мыйныя сродкі. Іх у калёніі не выдаюць, на іх зьняволеныя павінны «скідвацца» са сваіх грошай.

Знарок даводзілі да сытуацыі, калі ў Ігара не было туалетнай паперы. Прынамсі, у студзені 2024 году. Ну і ён сядзіць у асноўным адзін і яму часам не давалі магчымасьці купіць самыя элемэнтарныя прадметы першай неабходнасьці. Гэта проста зьдзек», — кажа былы палітвязень наваполацкай калёніі.

Апошні ліст бацькам прыйшоў 20 лютага 2023 году

З 2017-га па сакавік 2023 году наваполацкай калёніяй кіраваў падпалкоўнік Андрэй Пальчык. Ігар Лосік у дзяцінстве жыў у адным доме з Пальчыкам — у Паўночным раёне Баранавічаў, на вуліцы Наканечнікава, 33.

Усе адвакаты Ігара Лосіка (а іх было ня менш за 4) былі вымушаныя або выехаць з краіны, або разьвіталіся з адвакацкай ліцэнзіяй. Апошняя, пятая па ліку абаронца з Наваполацкай адвакацкай канторы сама прапанавала бацькам Ігара скасаваць дамову, калі даведалася, хто яе падабаронны і які тэрмін ён атрымаў. Цяпер адваката ў Ігара няма.

Вядома, што ў калёніі Ігар спачатку працаваў на так званай «промцы», на ўчастку па ачыстцы дроту са старых кабэляў ад ізаляцыі. Сярод вязьняў такая праца лічыцца цяжкай і шкоднай. Пасьля адміністрацыя пачала караць Лосіка зьмяшчэньнем у штрафны ізалятар і памяшканьне камэрнага тыпу. Апошні ліст ад сына бацькам прыйшоў 20 лютага 2023 году. З таго часу зь ім няма ніякай сувязі.

«Цяпер у яго, здаецца, чацьвёрты тэрмін у ПКТ»

Зрэдку ад былых вязьняў даходзяць зьвесткі пра Ігара Лосіка. Паводле іх словаў, ён «бязвылазна» знаходзіцца ў памяшканьні камэрнага тыпу. Пра гэта расказваў Свабодзе былы палітвязень Георгі, які сёлета ў траўні вызваліўся з Наваполацкай папраўчай калёніі № 1.

«Ігара ні разу «не падымалі ў атрад» (не зьмяшчалі ў агульнае зь іншымі вязьнямі памяшканьне. — РС). Вызваляць з ПКТ — і тут жа за адмову прыбіраць туалеты зноў зьмяшчаюць туды. Цяпер у яго, здаецца, чацьвёрты тэрмін у ПКТ.

Ігар вельмі засмучаны сытуацыяй з дачкой і жонкай (Дар’ю Лосік асудзілі за інтэрвію аб Ігару ў 2022 годзе, яна знаходзіцца ў гомельскай жаночай калёніі, дачку Паўліну даглядаюць бацькі Дар’і. — РС). У яго цяжкі псыхалягічны стан, ён вельмі схуднеў. Кажуць, што яму даюць антыдэпрэсанты. Бачылі яго (іншыя зьняволеныя. — РС) «у калідорах» у другой палове красавіка.

Ведаю, што да Ігара прыяжджалі кадэбісты, хтосьці ў штацкім, прымушалі запісаць прызнаньне, але ён не пагадзіўся», — кажа былы палітвязень Георгі.

«Думаеш пра ежу, худнееш, высыхаеш»

Для «штрафнікоў», зьмешчаных у ПКТ, дазваляецца адна прагулка ў дзень. Выводзяць кожную камэру асобна хвілін на 15-20 у закрыты дворык зь «небам у клетачку». Ежа ў ПКТ і ШЫЗА значна горшая, чым у атрадзе, кажуць суразмоўцы зь ліку былых зьняволеных.

«У атрадзе адна норма, на «бальнічцы» крыху лепшая — дыетычнае харчаваньне, нават масла даюць. А ў ПКТ і ШЫЗА рацыён у параўнаньні з атрадам скарачаецца ўдвая. Першыя 10 дзён яшчэ трываеш, а далей цяжка...

Уявіце: першы прыём ежы — а 6-й раніцы (пустая каша і гарбата), абед у 11:30 (суп і ў асноўным капуста ці макарона і кампот), вячэра — а 16-й (вадкае пюрэ зь дзьвюма кількамі) — і ўсё! Ты пастаянна думаеш пра ежу і хутка худнееш, потым проста высыхаеш», — успамінае былы вязень.

У ПКТ на працу вязьні ня ходзяць, можна чытаць. Але бібліятэка там асобная, з абмежаваным у параўнаньні з агульнай наборам кніг.

«У асноўным там толькі расейская клясыка кшталту «Вайны і міра», кніг замежных аўтараў няма зусім. У лістападзе забралі ўсе падручнікі замежных моў, размоўнікі, беларускія кнігі. Лісты нібыта дазваляюць пісаць і атрымліваць. Але на маёй памяці ніхто з палітычных у ПКТ нічога не атрымліваў», — кажа былы палітвязень.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.6(5)