Реальная Европа

Марына Міхайлава

Беларус у Брэмене: «Нават людзі на «сацыяле» могуць сабе дазволіць злятаць на адпачынак у Гішпанію»

Ці так цяжка жыць у еўрапейскіх краінах, як сцвярджае прапаганда? Беларус распавёў «Салідарнасці», як жывецца ў Нямеччыне на «сацыяле» (ёсць і складанасці, і пазітыў).

Паводле нядаўняга даследавання Chatham House, 17% беларусаў лічаць, што ўзровень жыцця ў Беларусі вышэй, чым у Германіі, яшчэ 17% — што прыкладна аднолькавы. Яшчэ горш многія ўяўляюць сітуацыю ў Польшчы і ў Літве: больш за палову рэспандэнтаў уяўляюць, што жыццё ў гэтых краінах горшае за Беларусь.

Значную ролю ў фарміраванні такіх пазіцый адыгрывае дзяржаўная прапаганда, якая ўсяляк прыніжае заходнія краіны і перабольшвае існуючыя ў іх праблемы. Таму мы вырашылі распытаць беларусаў, якія жывуць у гэтых краінах: а як насамрэч?

Калі параўноўваць не толькі цэны ў крамах, але і асартымент і якасць тавараў, а таксама заробкі, узровень і дасяжнасць медыцыны, сацыяльную падтрымку, адукацыю — як беларусы замежжа ацэньваюць узровень жыцця?

Сённяшні суразмоўца «Салідарнасці» — прафсаюзны актывіст, сябра Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Павел Сакалоўскі, які разам з сям’ёй жыве ў нямецкім Брэмене.

Павел на дэманстрацыі 1 траўня. Тут і далей фота з асабістага архіву суразмоўцы.

Раней на «Беларуськаліі» Павел быў намеснікам старшыні Незалежнага прафсаюза гарнякоў Першага рудаўпраўлення, адным з цэхавых лідараў БНП — аднак пасля таго, як улады фактычна разграмілі незалежныя прафсаюзы і пачалі жорсткі пераслед кіраўнікоў і актывістаў, вымушаны быў пакінуць радзіму.

— Канешне, калі параўноўваць адразу кошты ў крамах, то цэны на паўсядзённыя тавары, на прадукты — трохі вышэйшыя за Беларусь, — зазначае Павел. — Але, па-першае, далёка не ўсе пазіцыі. Калі мы кажам пра добрую каву, гарбату, бытавыя тавары — гелі, шампуні і г.д., — то гэта значна танней, чым сёння ў Беларусі. А па-другое, трэба казаць пра заробкі.

Напрыклад, мы зараз на «сацыяле», пакуль вывучаем нямецкую. І скажу так: тое, які «сацыял» у Нямеччыне, — гэта вельмі добры ўзровень, які дазваляе вывучаць мову да ўзроўню, неабходнага для працаўладкавання.

«Кажуць: ніколі не думалі што ў спальным раёне Брэмена немцы так жывуць»

Першы час, прызнаецца Павел, усе кошты па звычцы сям’я пераводзіла ў беларускія грошы і параўноўвала, што танней, што даражэй — але потым падыход змяніўся: «Глядзіш, ці табе дастаткова, каб набыць тое і гэта, і паколькі асартымент тавараў вельмі вялікі, заўжды можаш нешта выбраць, таму шоку ад цэн у крамах няма».

— Да мяне прыязджалі сябры — людзі, якія раней былі ў Нямеччыне, але турыстамі ці праездам, — і іх уражваюць не цэны, а хутчэй лад жыцця. Кажуць: ніколі не думалі што ў спальным раёне Брэмена немцы так жывуць.

— А чакалі, што немцы на ўсім эканомяць, як у распаўсюджаных клішэ?

— Яны не тое каб звышэканомныя, у іх проста іншы падыход. Ёсць у мяне нямецкія сябры, з якімі добра стасуемся, і я бачу, як яны рацыянальна разважаюць: навошта купляць вось тое і гэта, калі няма патрэбы? Ведаю шмат немцаў, якім заробкі дазваляюць ездзіць на аўто, а яны скарыстоўваюць ровар, бо так зручней.

Магістрат на Рынкавай плошчы ў Брэмене ўваходзіць у спіс ЮНЕСКА. Фота Philipp Schinz, unesco.org

— Яшчэ адзін вядомы стэрэатып — што немцы, нават на пенсіі, могуць дазволіць сабе турызм і адпачынак у розных краінах. У вас з гэтым пунктам як?

— Летась мы ляталі ў Вільню, сустракаліся са сваякамі, але зараз на летнія вакацыі не паедзем, бо трэба падрыхтаваць і правесці адно важнае мерапрыемства. А вось у пачатку кастрычніка, там якраз будуць восеньскія канікулы ў школе, і ў нас на моўных курсах таксама, — то плануем злятаць сям’ёй у водпуск, мабыць у Гішпанію.

Бо нават людзі на «сацыяле» тут могуць сабе дазволіць злятаць на адпачынак у Гішпанію: можна набыць вельмі танныя квіткі, гэта не нейкія завоблачныя кошты.

З Брэмена ёсць прамы рэйс і на Маёрку, і на астраўную Гішпанію, бліжэй да Афрыкі — можна знайсці квіткі туды-назад €60 на чалавека. А калі ты едзеш на якія 7-10 дзён, то не трэба цягнуць з сабой вялікія валізкі і куфары, дастаткова заплечніка, які змяшчаецца ў ручную кладзь, то бок, і за багаж не пераплочваеш.

Калі прафсаюзы — рэальная сіла

Асобная тэма — нямецкія прафсаюзы. Калі ў Беларусі засталася адна праўладная ФПБ, роля якой зводзіцца найчасцей да ківання і публічных заяў пра абарону правоў працоўных, то ў Нямеччыне прафсаюзы — рэальная сіла, з якой лічацца нават прамысловыя гіганты і ўсе астатнія суграмадзяне.

Побач з офісам прафсаюза паліцыі ў Брэмерхафане.

Вось толькі адзін яскравы прыклад: з лістапада 2023 года па люты 2024-га адбыліся ажно чатыры забастоўкі чыгуначнікаў, якія патрабавалі скараціць працоўны час без зніжэння заробкаў. У асобных федэральных землях чыгуначны рух фактычна спыніўся.

— У Нямеччыне вельмі развітая сістэма пераездаў, і нават адзін збой адлюстроўваецца на стыковачных, суседніх і іншых рэйсах. З паўгады таму, калі забастоўкі былі рэгулярнымі, з цягнікамі было вельмі дрэнна: яны спазняліся, замяняліся, наогул не прыходзілі, — згадвае беларус. — Але зараз яны дамовіліся з кіраўніцтвам чыгункі: прафсаюзы паабяцалі, што кіроўцы цягнікоў не будуць баставаць, а іхнія патрабаванні — 35-гадзінны працоўны тыдзень без змяншэння аплаты — будуць выкананыя. (І нікога, заўважым, за ўдзел у забастоўцы не судзілі і не пасадзілі — С).

Яшчэ быў цікавы момант, калі тут баставалі фермеры: іх хацелі пазбавіць субсідый, ільгот на паліва, яны вылучылі свае патрабаванні — а на пачатак забастоўкі даведаліся, што ўлады пайшлі ім на саступкі, і гэтыя патрабаванні будуць выкананыя. Але ж нельга проста ўзяць і адмяніць забастоўку: таму вылучылі новыя патрабаванні, заведама невыканальныя, — і адзін дзень перакрылі дарогі, паездзілі, пасігналілі, а потым усё згарнулі.

Чаму так? А таму што масавыя забастоўкі моцна б’юць па ўсіх галінах эканомікі. Знаёмыя беларуса, якія працуюць пад Брэменам на заводзе Mercedes Benz, распавялі: у адну з трох змен завод выпускае блізу 300 аўтамабіляў. А калі фермеры перакрылі дарогі і частка працаўнікоў не змагла трапіць на прадпрыемства — недавыпуск за адну толькі змену склаў каля 200 машын.

І таму кіраўніцтва Mercedes таксама зацікаўленае, каб  у фермераў усё было добра і яны больш не баставалі.

«Медыкаў не хапае, гэта праўда. Але памерці, калі што, табе тут не дадуць»

— Беларускія ўлады вельмі любяць гаварыць, што захавалі сацыяльную дзяржаву, у нас дасяжная і якасная медыцына, не тое што на Захадзе, дзе ўсё шалёна дорага. А як насамрэч? Ці мелі вы справу з нямецкай сістэмай аховы здароўя?

— Так, мы хадзілі да доктара, і ёсць з чым параўнаць. Хоць абагуліць гэты досвед на ўсю Нямеччыну нельга: калі мы былі ў былой ГДРаўскай частцы краіны, то чулі, што пэўная «саўковасць» яшчэ захавалася.

Калі ў цябе насмарк і ты хочаш выклікаць лекара на дом — тут гэта не атрымаецца. Наогул, лекараў у нямецкай медыцыне не хапае, яны патрэбныя, — і таму тут у іх іншыя ўмовы працы, лекар не будзе прымаць людзей да пасінення, бо яму таксама патрэбны адпачынак, і ён зацікаўлены рабіць сваю працу добра, каб да яго не вярталіся з той жа праблемай зноў і зноў.

Але калі пашукаць, то атрымаецца — мы так шукалі сямейнага доктара, Hausarzt. Не тое каб трэба было тэрмінова патрапіць, але неяк зразумелі, што 1,5 года да ўрача не звярталіся, добра было б праверыцца, ці ўсё ў парадку.

Але ж праблема ў моўным бар’еру: каб пайсці да нямецкага лекара, яму распавесці свае скаргі, потым самому ці з перакладчыкам зразумець, што ён раіць — гэта складана. Таму ўсе кажуць, што лекара не знайсці.

Таму мы і шукалі руска- ці ўкраінскамоўнага, ці хоць бы польскамоўнага. У нашым раёне ёсць Praxis (невялікая клініка альбо прыватны лекарскі кабінет — С.), вырашылі звярнуцца туды: напісалі з жонкай вялікі тэкст па-нямецку, што б мы хацелі, узялі тэрмін (запіс на прыём), балазе, мы застрахаваныя — і недзе праз тыдзень трапілі на прыём.

Хвілін пяць нешта зачытвалі, лекар слухаў, ківаў, а потым прапанаваў: «Давайце, паспрабуем перайсці на расейскую». Аказаўся ўкраінцам, які з 9 год жыве ў Нямеччыне, але бацькі са Львова і ён там атрымаў лекарскі дыплом — вось так мы і трапілі да «свайго» ўрача, які ўсё патлумачыў.

У Нямеччыне, дадае Павел, шмат якія медыцынскія паслугі аплочвае страхоўка. Дзецям звычайна лекі, прапісаныя доктарам, выдаюцца бясплатна, дарослым — значны кошт рэцэптурных прэпаратаў пакрывае страхавая.

Вельмі дарэчы страхоўка і ў стаматалогіі: яна пакрывае звычайнае лячэнне зубоў і большую частку пратэзавання. Так, Паўлу літаральна нядаўна давялося ставіць мост — з прыкладна €1200 еўра яму самому трэба заплаціць каля €200 (прывітанне беларускім чыноўнікам з іхнім дзяржрэгуляваннем цэн на стаматалагічныя паслугі — С.).

Хоць кошты на імплантацыю і эстэтычную стаматалогію ў Нямеччыне высокія — і немцы часта ездзяць з гэтай патрэбай у Турцыю ці ў суседнюю Славакію.

— Калі браць у цэлым — праўда, медыкаў не хапае, але памерці, калі што, табе тут не дадуць, — рэзюмуе беларус.

І дзеліцца яшчэ адным яскравым уражаннем — як пару тыдняў таму сям’ёй ездзілі на юбілей шпіталя ў горад Фехта.

Па сутнасці, гэта райцэнтр у Ніжняй Саксоніі, з насельніцтвам у 38 тысяч чалавек — але шпіталь федэральнага ўзроўню, мае ў складзе рэдкіх спецыялістаў і славіцца якасцю догляду.

Дык вось на 50-годдзе медыкі зладзілі суцэльны фестываль: маленькім і дарослым гасцям паказвалі, як працуюць розныя прыборы, дзецям далі з дапамогай робата «палячыць» плюшавага мядзведзя, які нібыта аб’еўся цукеркамі, можна было прывезці свае лялькі і цацкі, каб лекары правялі дыягностыку — «і гэта вельмі добра, што паказвае дзецям працу лекара і дапамагае не баяцца», мяркуе Павел.

Фота з сацсетак St. Marienhospital Vechta 

«Калі ў настаўнікаў дні народзінаў — дамаўляліся, што кожнае дзіця прынясе па адной кветачцы»

— Калі казаць пра беларускія школы — мяркую, многія бацькі прыгадаюць «любімае»: прыходзіш перад 1 верасня на бацькоўскі сход — і з парога чуеш, колькі трэба скінуцца «на шторы». Што кажуць у нямецкай школе?

— Паколькі мы на «сацыяле», шмат момантаў пакрываецца — тое ж харчаванне ў школе. Яно тут, дарэчы, вельмі добрае, кожны тыдзень абнаўляецца меню, можна зайсці і паглядзець, што дзецям даюць: звычайна дзве стравы на выбар, ёсць адмысловыя веганскія дні, шмат вырабаў з макароны, але пры тым і карыснага нямала — брокалі, каляровай капусты.

Таксама мы не аплочваем розны экскурсійныя і адукацыйныя паездкі ад школы. Прычым гэта распаўсюджваецца і на тых, у каго нізкі заробак: частку адукацыйных выдаткаў пакрываюць сацыяльныя праграмы, якія фінансуюцца з гарадскога бюджэту.

На экскурсіі ў Брэменскім парламенце (туды можна без праблем патрапіць і паглядзець, як праходзяць паседжанні).

Мы скідваліся па €11 на дзённікі, гэта такія адмысловыя сшыткі фармату А4, школа набывае іх цэнтралізавана, яшчэ набывалі дадатковыя матэрыялы для вывучэння нямецкай — і, мабыць, усё.

Калі нейкія бягучыя мерапрыемствы абмяркоўваюцца ў бацькоўскіх чаціках, тут ужо самі скідваемся, робім для дзяцей святы — вось на заканчэнне навучальнага года пойдзем да сям’і, у якой тут дача побач — горкі, тарзанкі, будзе пікнік, то скідваемся на пачастункі і напоі для дзяцей.

А, напрыклад, калі ў настаўнікаў (у нас два класныя кіраўнікі) дні народзінаў — дамаўляліся, што кожнае дзіця прынясе па адной кветачцы, і з іх збіралі вялікі букет.

«Нельга назваць гэтае неба мірным, калі пад ім людзі жывуць у татальным жаху»

— Чаго ў Нямеччыне вам не хапае з таго, што было ў Беларусі (акрамя, вядома ж, родных і блізкіх людзей)?

— Нават не ведаю. Не магу сказаць, каб тут чагосьці не хапала. Я, мабыць, адзін з тых людзей, хто не адчувае настальгіі. Так, я сумую па тым часе, магчымасцях, па родных людзях — але галава разумее той жах, які адбываецца ў Беларусі, і гэта, мабыць, блакуе сум па беларускіх прадуктах ці яшчэ нечым такім.

На футбольным матчы мясцовага клубу

Самае складанае па першым часе, калі ідзе адаптацыя: вось ты, дарослы чалавек, з’ехаў у 30, 40, а нехта і пасля 50 год, і трэба пачынаць усё наноў у іншай краіне, бо нічога не ведаеш, за год трэба зрабіць вельмі шмат, і гэта цісне.

А калі ўжо збольшага ўладкаваўся — пачынаеш падмячаць карысныя рэчы, якія было б добра пераняць і рэалізаваць потым у Беларусі. Гэта можа быць лакальны праект ці нават дробязь, але ты ў захапленні і здзіўляешся: а што, так можа быць?

Вось тыя мае сябры, пра якіх я згадваў, калі праехалі ў брэменскім транспарце — было здзіўленнем, што аўтобус на кожным прыпынку для таго, каб пажылым людзям, людзям з вазочкамі было лягчэй сыходзіць, нахіляецца на паветранай падушцы ў адзін бок. Альбо што прыпынкі могуць быць літаральна праз сто метраў — каля дому састарэлых, крамы і г.д. Бо жыхарам так трэба.

Ёсць, канешне, іншыя моманты — скажам, дарагі праезд. У Брэмене разавы квіток каштуе €3 (у Берліне можа каштаваць і даражэй, у залежнасці ад тарыфнай зоны — С.). А з іншага боку, калі ты на «сацыяле», квіток на ўсе віды транспарту — аўтобус, трамвай, мясцовы цягнік па горадзе — каштуе €25, прычым па ім ты можаш дадаткова правозіць яшчэ аднаго дарослага чалавека, пасля 7 вечара і ў выходны.

А яшчэ зараз у Нямеччыне дзейнічае Deutschlandticket, які каштуе €49 у месяц і дазваляе ездзіць па ўсёй краіне на рэгіянальным транспарце між гарадамі, а таксама ў гарадах на ўсіх відах транспарту.

Або ўзяць падаткі — так, у Нямеччыне яны высокія. Але, як нам распавялі месцічы і выхадцы з постсавецкай прасторы, якія даўно тут жывуць —  ёсць шэраг ільгот і спосабаў вярнуць частку выдаткаў.

Напрыклад, калі ты працуеш на даму, можна атрымаць кампенсацыю за інтэрнет, ІТшнікі ці перакладчыкі, якія маюь хоўм-офіс, могуць спісаць падаткі на яго ўтрыманне, і г.д.

— З пункту гледжання прапагандыстаў, у Беларусі жыць добра: ёсць чарка, шкварка і мірнае неба, а вось у Еўропе, той жа Нямеччыне, ніхто нас не чакае, адно галеча і нястача. Як чалавек, які можа параўнаць «тут» і «там», што б вы ім адказалі?

— Я не ведаю зараз ніводнага беларуса (а засталося вельмі шмат знаёмых, родныя, з якімі я маю добрыя, цёплыя стасункі), які падтрымліваў бы тое, што адбылося. І сёння беларусы жывуць у нейкім жаху. Зразумела, што людзі, якія застаюцца ў Беларусі, не могуць аспрэчваць прапаганду — калі ты пачнеш казаць інакш, то выклічаш падазрэнні і негатыў з боку сілавікоў і чыноўнікаў.

Таму, канешне, калі іх будуць запытваць, яны будуць ківаць галавой і казаць пра чарку-шкварку.

Але ў прыватных бяседах людзі расказваюць пра адваротны бок: і тыя, хто ў Салігорску, і тыя, хто ў Мінску працуе, гавораць пра няспынны ціск і няпэўнасць у заўтрашнім дні. Людзі проста прыстасоўваюцца і спрабуюць выжыць. Бо няма ў цяперашняй Беларусі мірнага неба — так, не ідзе вайна, не падаюць бомбы і ракеты, але нельга назваць гэтае неба мірным, калі пад ім людзі жывуць у татальным жаху і баяцца штодня, што не вернуцца з працы, бо іх забяруць і пасадзяць, хоць яны нічога дрэннага не рабілі.

А датычна чаркі і шкваркі — апошнім часам вельмі шмат было падлікаў, дзе бярэцца афіцыйны сярэдні заробак у Беларусі і ў суседніх еўрапейскіх краінах, і параўноўваецца, колькі ты можаш дазволіць сабе мяхоў бульбы ці буханак хлеба. І ўсё адразу відавочна і зразумела.