Общество

«Адзінай мэтай, з якой магілёўцы хадзілі на «маскоўскі» бок, быў рабунак і захоп у палон»

Журналіст Дзмітрый Гурневіч – пра «бамбічны» артыкул гісторыка Ігара Марзалюка.

– Трапіўся на вочы вельмі цікавы гістарычны артыкул Ігара Марзалюка. Бех жартаў, я ніколі крытыкаваў Ігара Аляксандравіча як навукоўца, калі ён выказваўся за сваю дзялянку даследаванняў, – піша Гурневіч. – Нават лічу, што пра «свой перыяд» ён павінен пісаць раздзелы ў школьныя падручнікі.

Гэты артыкул бамбічны, бо ён ня толькі цікавы, але і інтэлектуальна адважны. Апублікаваны ён быў у Вільні, у 2012 годзе.

Тэкст прысвечаны «эспедыцыям» магілёўцаў на «маскоўскае замежжа» за «жывым таварам». Калі проста, то пра набегі магіляўчан за рабамі. Жыхароў Маскоўскай дзяржавы яны пасля прадавалі на гарадскім рынку ў Магілёве.

Першы Статут ВКЛ забараняў рабства, але забарона датычыла жыхароў княства. Браць у палон замежнікаў было дазволена. А Масковію і яе жыхароў магілёўцы не лічылі сваімі (пра гэта напрыканцы).

У такія «экспедыцыі» хадзілі добра ўзброеныя магілёўскія рамеснікі. Згодна з нормамі Магдэбурскага права, гараджанін абавязаны быў мець у хаце зброю, на выпадак вайны. А магілёўцы, як сапраўдныя беларусы, закон не парушалі.

Такія захопы «жывога тавару» вядомыя ў Магілёве з 1579 года.

Падрыхтоўка да «экспедыцыі» была цэлым рытуалам. Паводле Марзалюка, пачыналася ўсё на нядзельнай службе ў царкве.

«Пасля прычасця ўсе ўдзельнікі будучага паходу ўрачыста клянуцца адзін аднаму дзяліць здабычу ў паходзе справядліва, пароўну». — піша прафесар і дэпутат Палаты прадстаўнікоў.

Адзінай мэтай, з якой магілёўцы хадзілі на «маскоўскі» бок, быў рабунак і захоп у палон. Атрады перасоўваліся па чужой тэрыторыі ноччу, пазбягалі сустрэчы з маскоўскімі войскамі, нападалі на вёскі досвіткам, рабавалі ўсё, што толькі можна было знайсці ў сялянскіх хатах.

У крыніцах няма ніводнай згадкі аб палоне і продажы ў нявольніцтва дарослых мужчын. Падчас нападу яны абаранялі свае сем’і, і іх, як правіла, забівалі на месцы. У палон выводзілі жанчын і дзяцей. За гэтых жанчын магілёўцы пасля ня раз судзіліся ў магістраце.

Маладая, здаровая жанчына-«маскоўка» у Магілёве падчас Інфлянцкай вайны каштавала ад 4 да 10 талераў. Падлетак — 2 талеры.

«Гэта былі дастаткова вялікія грошы. Для параўнання: паводле III Статута ВКЛ 1588 года 4 літоўскія талеры каштаваў добры конь, альбо вол». — піша гісторык.

Ігар Аляксандравіч працягвае: «Крыніцы дазваляюць прасачыць, якімі відамі дзейнасці займаліся маленькія нявольнікі. Палонныя «маскалікі» выкарыстоўваліся ў якасці хатняй прыслугі, лёкаяў, няняк па надглядзе за маленькімі дзецьмі. Крыніцы сведчаць, што ў дамах багатых магілёўскіх мяшчан, прадстаўнікоў магістрата, цэхавай старшыны, купецтва, для «паслуг хатніх» выкарыстоўваліся «чаляднікі маскалікі».

Калі камусьці муляе вока і рэжы слых слова «маскалік», то дэпутат Палаты Прадстаўнікоў тлумачыць:

«Нягледзячы на той факт, што намі апрацаваны ўвесь масіў магілёўскіх магістрацкіх кніг за другую палову XVI–XVII стагоддзяў, ніводнага выпадку вызначэння ў гэтых крыніцах насельніцтва Маскоўскай дзяржавы з «Руссю», з боку магілёўскіх мяшчан, намі не выяўлена.

Наадварот, гэтыя два паняцці ў актавых кнігах паслядоўна разводзяцца і супрацьпастаўляюцца. Устойліва вызначаючы сябе «русінамі», «рускімі», «Руссю», як і сваю мову, кнігі і творы мастацтва, у адносінах да суседзяў з усходу магілёўскія мяшчане паслядоўна выкарыстоўвалі тэрміны «масква», «масквічы», «маскалі», «маскавіціны», а іх мову, кнігі і рэчы называюць «маскоўскімі».

Прааналізаваўшы крыніцы, Марзалюк падсумоўвае:

«Такім чынам, актавыя кнігі магілёўскага магістрата не дазваляюць казаць аб захаванні на ўзроўні масавых стэрэатыпаў магілёўскага мяшчанства ўяўленняў аб этнічнай аднолькавасці з вялікарускім насельніцтвам».